Сучасны чалавек жыве ў мегаполісе сярод халодных камянёў і пластыка. Мы адарваныя ад прыроды, нашага натуральнага асяродзя. Нядзіўна, што ў апошні час у інтэр’еры ўсё большай папулярнасцю карыстаецца эка-стыль.

Мы імкнемся акружыць сябе прадметамі натуральнага паходжання. Дрэва, бамбукавы трыснёг, вярбовыя дубцы, камень і кветкі – эка-стыль прыдумалі для таго, каб выпрацаваць механізм эфектыўнага выкарыстання натуральных матэрыялаў.

Адметныя рысы эка-стылю: ⠀

  • знешне інтэр’ер адрозніваецца лёгкасцю і натуральнасцю; ⠀
  • у памяшканні пакідаюць шмат вольнай прасторы; ⠀
  • нішто не павінна замінаць перасоўванне мэблі; ⠀
  • у выбары мэблі трэба спыняцца на самых неабходных прадметах інтэр’еру, нельга дапускаць перагруз; ⠀
  • нельга драбіць пакой на асобныя зоны;
  • катэгарычна не дапускаецца выкарыстанне сінтэтыкі і хіміі.

Дрэва и расліны ў эка-стылі

У аснове эка-стылю ляжыць дрэва. Мы любім гэты матэрыял, бо дрэва звязвае нас са светам прыроды, дзе ўсё так проста і натуральна. Дрэва надае дому атмасферу абароненасці, таму эка-стыль – стыль, натхнёны прыродай.

У інтэр’еры ў эка-стылі можна выкарыстоўваць і экзатычныя разнавіднасці дрэва (венге, сандал, чырвонае дрэва, ратанг і іншыя). Нельга ўявіць эка-стыль без пакаёвых раслін – тут павінна быць шмат зеляніны. Падкрэсляць натуральнасць і спрадвечнасць іншыя натуральныя матэрыялы, такія як шкло, гліна, камень, тканіны (поўсць, бавоўна і лён). Дапускаюцца матэрыялы, якія імітуюць прыродныя фактуры.

Перавагу трэба аддаваць мэблі простых і лаканічных формаў, вырабленай з суцэльнага масіва цвёрдых парод дрэва. Вельмі стыльна ў такім інтэр’еры будзе глядзецца ратангавая мэбля. Дэкаратыўнымі элементамі захапляцца нельга: выкарыстоўваць іх трэба ў мінімальнай колькасці. Яны павінны набліжаць чалавека да прыроды, можна ўпрыгожыць пакой сухацветамі, ікебанай, стыльна можа глядзецца нават драўляны корч цікавай формы.

Найбольш папулярныя колеры

Эка-стылю ўласцівы спакойныя і натуральныя колеры, якія існуюць у прыродзе: пясочны, бэжавы, белы, шэры, карычневы і зялёны, у якія можна дадаць колеры прыродных стыхій (чырвоныя, блакітныя і жоўтыя тоны).

Весці здаровы лад жыцця – гэта модна і сучасна. Паспрабуйце адмовіцца не толькі ад шкодных прадуктаў, але і шкодных матэрыялаў у сваім доме. Вы абавязкова адчуеце розніцу!