Прайшлі тыя часы, калі для добрага здымка трэба было ісці ў фотаатэлье. Памятаеце, як у дзяцінстве нашы бацькі прыбіраліся самі, прыбіралі нас і вялі ў фотасалон – для аднаго адзінага фота. Яго ўклеівалі ў сямейны альбом і разглядалі да дзірак сваякі на ўсіх сямейных святах…

девушка с фотоаппаратом

Сёння камеры ёсць у кожнага – часцей за ўсё ў мабільных тэлефонах. Сярод нашых знаёмых ёсць і шчаслівыя ўладальнікі сапраўдных камер: люстэркавых, безлюстэркавых, стужкавых. Некаторыя займаюцца фота на прафесійным узроўні, для кагосьці – гэта хобі ці спосаб сабраць добры сямейны альбом. Аматары прыгожых профіляў у Instagram таксама імкнуцца абзавесціся камерай.

Тыпы фотаапаратаў

1) з імгненнай пячаткай – мода на знакамітыя ў XX стагоддзі палароіды, якія выдавалі фота адразу, вярнулася. Сёння гэты тып фотаапаратаў выбірае пераважна моладзь, каб выкарыстоўваць здымкі ў інтэр’еры, для дэкарыравання скэчбукаў і спецыяльных дошак настрою.

2) «мыльніцы» – кампактныя камеры з мінімальным наборам функцый, зручныя, вельмі простыя, падыдуць тым, хто не любіць затлумляцца, але хоча сабраць добры альбом сямейных і падзейных фота.

3) люстэркавыя – менавіта іх часцей за ўсё выбіраюць профі, спалучаюць у сабе вялікі набор функцый, але патрабуюць добрай падрыхтоўкі. Асноўныя плюсы: хуткі аўтафокус, вялікі набор дадатковага абсталявання, простая змена аб’ектываў, асноўны мінус – кошт.

4) безлюстэркавыя – асноўны канкурэнт люстэркавых, яны цішэй, кампактней і надзейней вышэйзгаданых мадэляў, але ў ліку мінусаў – працяглая факусоўка і меншая энергаёмістасць батарэі.

5) стужкавыя – часцей за ўсё здымаюць на старыя мадэлі нашых бацькоў, такія можна знайсці на гарышчах і антрэсолях, хоць сучасныя стужкавыя камеры таксама выпускаюць; яны падыходзяць для таго, каб набіць руку і глыбей зразумець, за што адказвае кожная налада ў фотаапараце, здымкі, зробленыя на стужку, маюць зусім іншую каляровую гаму.

девушка-фотограф

Пры выбары фотаапарата трэба вызначыцца з тым, што вы збіраецеся фатаграфаваць. Калі вы хочаце заняцца рэпартажнай здымкай, любіце фатаграфаваць прыроду ці зорнае неба – перавагу варта аддаць люстэркавым фотаапаратам. Тут важна не толькі «тушка» (цела фотаапарата), але таксама аб’ектыў.

Тыпы аб’ектываў

– шырокавугольныя – дазваляюць змясціць больш прасторы ў кадры, але скажаюць перспектыву, што можа выкарыстоўвацца для стварэння розных эфектаў, падыдуць для пейзажаў і архітэктуры;

– аб’ектывы з фіксаванай фокуснай адлегласцю – выкарыстоўваюцца для здымкаў партрэтаў, паколькі дазваляюць сфакусавацца на аб’екце і прыгожа размыць фон, асноўная перавага такіх аб’ектываў – вялікая светасіла, якая дазваляе рабіць якасныя кадры пры недастатковым асвятленні;

– тэлеаб’ектывы – прызначаны для здымкаў аддаленых аб’ектаў, іх выкарыстоўваюць анімалісты, калі нельга блізка падысці да жывёлы ў дзікай прыродзе, падчас спартыўных спаборніцтваў, незаменныя для рэпартажаў, калі трэба захоўваць дыстанцыю, але светасіла ў іх  звычайна не радуе;

– рыб’е вока – аб’ектывы, якія моцна скажаюць край малюнка, робяць фатаграфію сферычнай: блізкія аб’екты становяцца ў кадры вельмі вялікімі, а тыя, што знаходзяцца на адлегласці, – вельмі маленькімі; такія аб’ектывы выкарыстоўваюцца як дадатковыя, для стварэння цікавых і смешных эфектаў;

– макрааб’ектывы – выкарыстоўваюцца для здымкаў вельмі маленькіх аб’ектаў, напрыклад, насякомых.

На што варта звярнуць увагу пры выбары камеры

– колькасць пікселяў: для друку фатаграфіі будзе дастаткова ўжо 5 мегапікселяў, а 14 хопіць для друку білборда;

– максімальная святлаадчувальнасць (ISO): ад гэтага параметру залежыць якасць здымкаў, зробленых у цемры, але памятайце, што ў любым выпадку задзіраць значэнне ISO вышэй 800 не варта;

– стабілізацыя: калі вы хочаце здымаць не толькі фота, але і відэа, гэты параметр вельмі важны – чым лепш стабілізацыя, тым менш дрыготкіх кадраў вы атрымаеце.

Мастацтва фатаграфіі – вялікае мастацтва! Але памятайце, што нават самы дарагі фотаапарат не дапаможа атрымаць прыгожыя кадры без патрэбных тэарэтычных ведаў, пастаяннай практыкі і добрай фантазіі.