Кожны год адзначаны наборам нейкіх трэндаў. Безумоўна, яны ўплываюць на нашы густы і перавагі, бо трэнд – гэта кірунак змен або развіцця чаго-небудзь, змена спажывецкіх чаканняў і запытаў або мадэлі паводзін чалавека.

Слова «трэнд» існуе даўнавата, у пачатку XX стагоддзя яно шырока выкарыстоўвалася ў эканоміцы, матэматыцы і статыстыцы. Ім апісвалі змены напрамкаў ліній на графіцы.

У 1960-70-х гадах тэрмін іміграваў у моду і культуру, а ў нашы дні яго паўсюдна выкарыстоўваюць прадпрымальнікі, маркетолагі – людзі, якія актыўна шукаюць новыя спосабы вылучыцца ў свеце пастаяннай канкурэнцыі.

Гэты артыкул мы вырашылі прысвяціць каляровым трэндам 2022 года, бо ад іх залежыць, якое адзенне мы будзем купляць, у які колер будзем фарбаваць валасы і г.д. Але для пачатку варта расказаць, як выбіраюць колер года.

Гэтак высокая місія з 2000 года ўскладзена на кампанію Pantone, дакладней Інстытут колеру Pantone – самы вядомы ў свеце эксперт па колеры. Шукаць гэты колер супрацоўнікі фірмы пачынаюць яшчэ вясной: каманда спецыялістаў аналізуе подыумныя тэндэнцыі, работы самых вядомых фатографаў, фларыстаў, дызайнераў, рэжысёраў, сацыяльныя сеткі, а асабліва Instagram. Яны наведваюць выставы і нават адсочваюць навінкі аўтапрама. Эксперты спрабуюць знайсці адказ на пытанне: «Што стаіць за тым ці іншым колерам, якое пасланне ў ім зашыфравана, чаму людзі звяртаюцца да яго?»

Паступова фармуюцца «кантрольныя кропкі» і прыклады колераў, якія прасочваюцца ў свеце культуры, мастацтва і дызайну. Паступова выбарка звужаецца, пакуль эксперты не сыдуцца на адным адценні. Уяўляеце, на выбар колеру года можаце паўплываць нават вы, заліваючы фота ў адной каляровай гаме ў свой Instagram.

Але на гэтым праца адмыслоўцаў не сканчаецца, бо колеру яшчэ трэба даць імя, пачынаецца працэс так званага нэймінгу. Эксперты Pantone не называюць колеры года проста чырвоны, зялёны, сіні. Назвы колераў выбіраюць пры дапамозе гульні ў асацыяцыі. Пагадзіцеся, калі вы чуеце слова «апельсін», вы ўяўляеце менавіта той аранжавы, які адпавядае менавіта гэтай садавіне? Назва колеру года павінна быць зразумелай, павінна дакладна перадаваць яго сутнасць. Тут нельга абысціся без эмацыйнай сувязі.

Ітак, які колер будзе ў трэндзе ў 2022? Panton даў яго дакладнае вызначэнне гэта Very Peri, адценне сіняга з фіялетава-чырвоным падтонам. Ён змяніў «ідэальна шэры» (Ultimate Gray), які быў у трэндзе ў 2021.

Модныя эксперты некалькі пашырылі каляровую палітру і разнастаілі яе. У 2022 годзе таксама будзе папулярным светла-бэжавае адценне. Вы не пралічыцеся, калі прыкупіце паліто і трыкатажныя вырабы дадзенай расфарбоўкі. Аматары яркіх колераў смела могуць купляць адзенне мандарынавага і ліловага колераў (апошні звязаны з Very Peri). Папулярнымі таксама будуць аліўкавы і бардовы колеры. У такой каляровай гаме рэкамендуецца насіць штаны, сукенкі і швэдры. У трэндзе таксама скураныя штаны, кашулі з атласа, вялікія сумкі і аксэсуары шакаладнага колеру.