У творчым ассяродзі Сяргей Сізы вядомы як светадызайнер і заснавальнік школы і студыі светадызайну. Але ў нашым інтэрв’ю вы даведаецеся аб яго новым праекце, які не мае дачынення да асвятлення. Гэта праект аб беларускім дызайне, рамесніках, мастаках і іншых творцах.

Сергей Сизый

– Чаму вы вырашылі заняцца праектам, які не звязаны з вашай асноўнай прафесіяй?

– Ідэю можна назваць досыць даўняй, яна прыйшла да мяне каля 3-4 гадоў таму. Але тады не было дастаткова часу заняцца яе ўвасабленнем у жыццё. У гэтым годзе вельмі шмат што супала: я вярнуўся жыць у Беларусь, тут з’явілася магчымасць перавесці першы праект у анлайн-фармат – усё фактары супалі для таго, каб, нарэшце, заняцца развіццём праекта Valoshki Design.

Аб чым ваш новы праект? Якую мэту ён пераследуе і для каго будзе цікавы?

– Гэта праект аб беларускіх дызайнерах, рамесніках, дзеячах мастацтва: мастаках, пісьменніках, скульптарах… Аб творчых людзях, якія ствараюць тое, што нас атачае: вырабы мастацтва і рэчы, якія прызначаны не толькі для інтэр’ера, але і непасрэдна для нас – людзей.

Ідэя была ў тым, каб стварыць пляцоўку, якая аб’яднае ўсіх майстроў у адным месцы, дзе б кожны жадаючы змог даведацца чым яны займаюцца, як да гэтага прыйшлі, у чым увасабляецца непаўторнасць іх працы. Першай мэтай мы ставілі стварыць партал, на якім былі б сабраныя артыкулы пра беларускі дызайн і рамеснікаў. Другой мэтай была інтэрнэт-крама, дзе можна набыць тавары і вырабы ручной працы, якія ствараюць нашы таленавітыя і самабытныя майстры.

– Што стала асноўнай крыніцай натхнення падчас працы над праектам?

– Магчыма, гэта была настальгія. Я дзевяць гадоў жыў у эміграцыі, і пасля таго, як вярнуўся ў Беларусь, энергія гэтай настальгіі па Радзіме, па ўсім, што з ёй звязана, вылілася ў жаданне матэрыялізаваць гэта адчуванне ў нейкім праекце.

Вельмі натхняе ўсведамленне таго, наколькі таленавітыя людзі знаходзяцца вакол нас. Кожны дзень яны ствараюць унікальныя рэчы, якімі мы карыстаемся і нават не задумваемся, што яны зроблены рукамі такіх жа людзей, як мы.

Сергей Сизый

– З якімі асноўнымі цяжкасцямі вы сутыкнуліся падчас працы над праектам?

– Сярод майстроў вельмі шмат тых, хто нязвыклы да таго, каб прасоўваць сябе, прадаваць вырабы і папулярызаваць сваю дзейнасць. Часта я сутыкаўся з такім момантам, калі чалавек не верыць у тое, што ён можа быць папулярным, а яго працы – запатрабаванымі. Мабыць, гэта галоўная складанасць. Усё астатняе – рабочыя і тэхнічныя моманты, якія вырашаюць спецыялісты.

– Якім вы бачыце праект праз год?

– Менавіта зараз мы запускаем інтэрнэт-краму, і бліжэйшыя паўгода будуць прысвечаны яе развіццю, каб зрабіць пляцоўку папулярнай і запатрабаванай. Мы намагаемся зрабіць зручны інтэрфейс, каб сайт адпавядаў усім чаканням пакупнікоў і майстроў. Людзі, якія прыйшлі на нас сайт, павінны лёгка знаходзіць тавары, зручна іх афармляць і хутка атрымліваць.

У канчатковым рахунку, гэта будзе рознабаковае развіццё, каб ахапіць максімальную аўдыторыю, якой цікава тэма дызайну і вырабаў ручной працы.

– Чаму ў праекта такая ​​назва? Як вы прыдумалі лагатып?

– Я шукаў слова, якое б асацыявалася з нашай краінай, але яшчэ не ператварылася ў папсу. Пошук адбываўся ў розных напрамках. Перш за ўсё мы вызначылі галоўныя патрабаванні: слова павінна было быць дастаткова простым, лёгка гучаць і абавязкова на роднай мове. Было шмат розных варыянтаў, у выніку я прыйшоў да варыянту валошкі. Валошка з’яўляецца адным с сімвалаў нашай прыроды, чаму б ёй не стаць яшчы і сімвалам нашага дызайну і мастацтва?

Першапачаткова не было думкі рабіць прыстаўку дызайн, хацелася, каб назва праекта была аднаслоўнай. Прыстаўка з’явілася, калі мы заняліся пошукам даменнага імя сайта і зразумелі, што кароткае даменнае імя было занята іншым праектам. Але слова ўяўляла для нас цікавасць, таму мы дадалі да яго прыстаўку дызайн, так і нарадзілася назва праекта.

Лагатып стаў лагічным працягам назвы, але перад гэтым яго эскіз прайшоў праз некалькі варыяцый цягам двух месяцаў, пакуль на стаў такім, якім яго можна бачыць зараз. Дзякуй графічнаму дызайнеру Ірыне Барэйка за працу!

Сергей Сизый

– Чым можа ганарыцца Беларусь у сферах дызайну і рамесніцтва?

– У сферы дызайну ў нас заўсёды былі таленавітыя людзі, якія стваралі цікавыя працы яшчэ у пачатку мінулага стагодзя. Пра рамяство нават казаць не даводзіцца, усё відавочна кожнаму: нашы продкі, пачынаючы з часоў старажытных славян, заўсёды славіліся рознымі рамёствамі. Традыцыі перадаваліся з пакалення ў пакаленне, многія да гэтага часу вядомыя ва ўсім свеце і з’яўляюцца сімвалам памяства.

– Ці знаёмыя вы з падобнымі праектамі ў Беларусі і за яе межамі?

– Хоць мы і з’яўляецца інтэграцыйнай пляцоўкай, мы не даем рамеснікам магчымасці размяшчаць тавары самастойна. У нас ёсць якасны адбор, які праходзяць і аўтары, і іх працы. Мы спрабуем вытрымліваць агульны ўзровень работ, каб людзі, якія прыходзілі да нас за прадметамі дызайну або рамяства, ведалі, што яны знойдуць тавары добрай якасці і пэўнага ўзроўню з пункту гледжання мастацкай вартасці.

– Якую ролю ў праекце мае беларуская мова?

– Мова – важная частка нацыянальнай самасвядомасці. Таму, калі мы хочам, каб праект перш за ўсё падкрэсліваў нацыянальную прыналежнаць, ён павінен існаваць на роднай мове і падтрымліваць яе. Аднак, мы вырашылі што будзем перакладаць ўсё на рускую мову, на якой пакуль размаўляе большасць нашых чытачоў і пакупнікоў.

– Што б вы хацелі сказаць беларускім рамеснікам, дызайнерам і дзеячам мастацтваў?

– Шаноўныя, я хачу пажадаць вам і папрасіць вас, каб вы не спыняліся ў сваім развіцці і працягвалі ствараць гэтыя новыя ўнікальныя рэчы. А мы са свайго боку паспрабуем  распавесці пра вас і паказаць як мага больш цікава і, вядома ж, зрабіць важкую рэч – забяспечыць тыя продажы, якія б дазволілі вам адчуваць фінансавую незалежнасць і фінансавы поспех сваёй працы.