Дудуткі – унікальны музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій у Пухавіцкім раёне, размешчаны ў 40 кіламетрах ад Мінска. Ён знаходзіцца ў маляўнічым месцы недалёка ад ракі Пціч за паўтара кіламетра ад вёскі Дудзічы.

Першыя згадкі пра Дудуткі ў летапісах ставяцца да XI стагоддзя. Мяркуюць, што тут праходзіла сухапутная дарога да Полацка. Шляхецкі маёнтак у Дудзічах вядомы з 1600 года.

Заснавальнікам музея з’яўляецца Яўген Дамінікавіч Будзінас, беларускі пісьменнік і журналіст, які нават не падазраваў аб старадаўняй гісторыі вёскі Дудзічы і шляхецкім маёнтку.

Гісторыя музея пачалася са стварэння цэнтра прыватнай сельскай гаспадаркі. Яго заснавальніку, старшыні выдавецкага цэнтра «Паліфакт» было выдзелена 162 гектара зямлі. У кастрычніку 1994 года прыватны музейны комплекс, створаны на базе дапаможнай гаспадаркі прадпрыемства «Паліфакт», прыняў сваіх першых наведвальнікаў. Галоўным мастаком музейнага комплексу стаў Барыс Барысавіч Цітовіч.

Сёння музей уяўляе сабой развіты культурна-асветніцкі, турыстычны і рэкрэацыйны цэнтр. У склад комплексу ўваходзяць 32 аб’екта. На тэрыторыі музея праводзяцца традыцыйныя тэматычныя фестывалі і святы.

Усіх, хто аднойчы наведае гэта маляўнічае месца, чакае займальнае падарожжа ў свет старадаўняга побыту і прафесій, дэгустацыя самабытных страў і катанне на конях.