У тым выглядзе, у якім мы прывыклі бачыць кнігу, яна існуе больш за 500 гадоў. Але гэта не значыць, што кніга адразу з’явілася такой, якой мы яе ведаем. Нашыя продкі выкарыстоўвалі для стварэння кніг матэрыялы, якія ім давала сама прырода. Іх рабілі з пальмавага лісця, костак і шкур жывёл, васковых таблічак і тканін. Старажытныя славяне ўжывалі для гэтых мэтаў бяросту і пергамент.

Кніга – адна з самых першых і важных крыніц ведаў. Першыя чароўныя гісторыі ў жыцці мы даведваемся са зборнікаў казак, чытаць вучымся па Азбуцы, без кніг немагчыма ўявіць далейшую вучобу ў школе і ўніверсітэце. Кнігі таксама можна чытаць дзеля задавальнення, з гэтай задачай выдатна спраўляецца мастацкая літаратура.

Лічыцца, што яна з’явілася ў антычнасці – у I тысячагоддзі да нашай эры. У антычнай літаратуры (грэцкай і рымскай) сфармаваліся тры роды літаратуры: эпас, лірыка і драма. Мастацкай літаратуры уласцівы выдумка, даволі часта нават біяграфічным творам. Але пры гэтым уплыў мастацкай літаратуры на чалавека вельмі вялікі. Мы вучымся ў выдуманых персанажаў таму, як паводзіць сябе ў грамадстве, шукаем адказы на жыццёвыя пытанні, даведваемся пра наваколле. Свет кнігі – гэта наш уласны свет, прыхаваны, дапрацаваны, зменены творчай фантазіяй і вопытам пісьменніка.

Развіццё сучасных тэхналогій прывяло да з’яўлення электроннага аналага кнігі. Па ўсіх фізічных параметрах яна зручней – лёгкі і кампактны гаджэт захоўвае адразу тысячы кніг. Але час паказаў, што мы не гатовыя адмовіцца ад эстэтыкі класічнай кнігі. Магчымасці трымаць яе ў руках, перагортваць старонкі, удыхаць водар новай паперы.

 

Пры падвядзенні вынікаў кнігавыдавецкай дзейнасці ў Беларусі за 2018 год стала вядома імя самага любімага беларускага пісьменніка. Паводле рэйтынгу папулярных кніг, прададзеных у сетцы «Белкніга», ім стаў Уладзімір Караткевіч. З сучасных беларускіх аўтараў асабліва трэба адзначыць Святлану Алексіевіч, якая ў 2015 годзе стала першым беларускім пісьменнікам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію. Да яе на атрыманне прэміі былі намінаваныя Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін, але яны, на жаль, прайгралі іншым аўтарам.

Пяць цікавых фактаў пра кнігі:

  1. Самая маленькая бібліятэка ў свеце знаходзіцца ў Англіі, у мястэчку пад назвай Уэстбері-саб-Мэндіп, дзе налічваецца ўсяго 800 жыхароў. Яны размясцілі бібліятэку ў тэлефоннай будцы, якая працуе кругласутачна. Папаўняюць бібліятэчны фонд жыхары самастойна.
  2. Рукапіс Войніча лічыцца самай таямнічай кнігай у свеце. Сярэднявечны манускрыпт да гэтага часу не расшыфраваны, так як ён напісаны на неіснуючай мове. Мяркуецца, што ён апісвае расліны, якіх на Зямлі няма.
  3. Самай чытэльнай кнігай у свеце з’яўляецца Біблія, за ёй ідзе цытатнік Мао і «Уладар пярсцёнкаў» Джона Руэла Толкіена.
  4. Библиаклептаман Стывен Блумберг скраў больш за 23 000 рэдкіх кніг з 268 бібліятэк. Яго калекцыя была ацэнена ў 20 мільёнаў даляраў.
  5. У шаснаццатым стагоддзі ў адным з царкоўных трактатаў выявілі вельмі вялікую колькасць памылак друку, выдаўцы патлумачылі гэта тым, што іх зрабіў сам д’ябал, каб чытачы адмовіліся ад вывучэння тэксту.