Сёння мы пагаворым з таленавітым майстрам Валянцінай Сатыравай, якая прадстаўляе брэнд Panno By.

Валентина Сатырова

 – Валянціна, вы казалі пра тое, што тканіна – гэта ваша натхненне, вы ў яе закаханыя. Калі з тканіны шыюць коўдры і падушкі – гэта стандартна і зразумела, але вы прыдумалі ствараць з яе цэлыя пано і карціны. Як так атрымалася?

– Тканіна – гэта, сапраўды, выключна мой матэрыял. Я ў гэтым пераканалася яшчэ тады, калі атрымлівала адукацыю па спецыяльнасці «мастак-рэстаўратар». Мы спрабавалі рабіць рэстаўрацыі з рознымі матэрыяламі. Калі я дайшла да рэстаўрацыі тканіны, нават рэстаўрацыя мне спадабалася.

Мне вельмі хацелася стварыць карціны для таго, каб іх можна было прадставіць на якой-небудзь выставе. Але я разумела, што маляваць дакладна не буду. Спачатку я думала, што гэта будуць стандартныя пано ў тэхніцы пэчворк. Першая мая праца і была такой: коўдра на дордачцы. Але наступную працу я паспрабавала нацягнуць на раму. Гэта было вельмі крута: від памяняўся, мне вельмі спадабалася, і я падумала: «Так, гэта тое, што трэба!».

– Па спецыяльнасці вы не працавалі, праектам пачалі займацца падчас дэкрэтнага адпачынку. А да яго дзе і кім працавалі?

– Я вельмі доўга шукала сябе, спрабавала ў розных напрамках. На самой справе ўсё заўсёды было на паверхні, і я здзіўленая, чаму я так доўга да гэтага ішла. У глабальным плане ў мяне няма нейкай спецыяльнай адукацыі і спецыфічных навыкаў, каб выбудоўваць кар’еру ў нейкім кірунку. Гэта былі пробы з нуля і ўсюды.

Некаторы час я займалася фатаграфіяй і планавала развівацца ў гэтым кірунку, пакуль не ўзгадала пра тканіну. У дэкрэт я сыходзіла непасрэдна са швейнай вытворчасці, хоць у мяне нават не было швейнай адукацыі. Я вучылася гэтай справе ў гуртку.

Зараз я хачу заставацца ў сваім праекце, развіваць яго, адкрыць уласную майстэрню з рабочымі, на якіх можна дэлегаваць нейкую частку працы. Мне таксама вельмі хочацца навучаць людзей не шыццю, а працы з колерам.

– А хто такая Душка По?

– Душка По –  гэта назва майго першага праекта, які я адразу пачынала з назвай і лагатыпам. На лагатыпе была намалявана авечка, яго прыдумала мая сяброўка. Назва «Душка По» атрымалася ў выніку гульні са словам «падушка», тады я ў большай ступені шыла коўдры і падушкі, таму такая назва была ў тэму.

Калі ў маёй працы з’явіўся новы кірунак у выглядзе пано, я з болем у сэрцы зразумела, што з Душкай По трэба расстацца. Назва Panno By з’яўляецца дзяжурнай, якую я ўзяла для зразумелага тлумачэньня таго, чым я займаюся. Я лічу, што яно не канчатковае.

Валентина Сатырова

– Ці дапамагаюць адзін аднаму вашы захапленні? Напрыклад, фатаграфія?

– Дапамагаюць, адназначна! Веды ў галіне фатаграфіі дапамагаюць бачыць карцінку, колеры, нейкую логіку ўзаемадзеяння колеру і формы. Калі я пайшла на курсы атрымліваць веды ў галіне фатаграфіі з нуля, мы вывучалі таксама кампазіцыю. Я не скажу, што я даведалася нешта прынцыпова новае, гэта быў хутчэй паўтор тых ведаў, якія я атрымала ў мастацкай вобласці. Законы засталіся тыя ж, але мяне навучылі думаць плямамі, не малюючы эскізы. Гэты навык мне вельмі дапамагае ў працы з пано: я бяру тканіну і адразу яе рэжу. Вядома, выдатак павялічваецца, але гэта таго варта.

Я не раз прасіла знаёмых прааналізаваць мой профіль ў інстаграме, і неаднаразова мы прыходзілі да таго, што трэба мяняць кантэнт. Першыя фота я рабіла на тэлефон, не апрацоўвала, спадзявалася, што пракоціць, а потым здзіўлялася: чаму так дрэнна ідзе развіццё акаўнта. Цяпер я стала надаваць гэтаму ўвагу і ўсё змяніла.

– Вы на сваёй старонцы ў інстаграме пісалі яшчэ пра адно захапленне, якое ў вас з’явілася. Вы пачалі «шмат пісаць, нават па начах». Пра што вы пішыце, што вам не дае спакою?

– Спакою, як правіла, не дае нейкая думка. Я раней была перакананая ў тым, што склад – гэта не пра мяне. Першыя пасты нават складана назваць пастамі. А потым мяне чамусьці прарвала на пераказ нейкіх думак. Прычым яны не заўсёды пра праект, не заўсёды пра мае працы, часам – проста пра нейкую жыццёвую сітуацыю.

Працяг інтэрв’ю глядзіце тут. Адразу матайце на 21 хвіліну 20 секунду.

пэчворк