Сябры, мы рады падзяліцца з вамі навіной! Нашаму праекту Valoshki Design споўніўся 1 год. Час праляцеў хутка, амаль незаўважна. Работы было вельмі шмат, наперадзе – яшчэ больш. Але гэта прыемныя клопаты, бо мы працуем над праектам, у якім засяроджана так шмат прыгажосці, таленту і натхнення.

сергей сизый

Заснавальнік праекта Сяргей Сізы

Мы хочам падзякаваць усім, хто ўвесь гэты час быў побач, дапамагаў, падтрымліваў і натхняў. Дзякуй нашым таленавітым аўтарам, падпісчыкам і пакупнікам. Усе вашыя рэакцыі ў сацыяльных сетках – лайкі, каментары і репосты маюць вельмі вялікую каштоўнасць для нас і дапамагаюць у прасоўванні праекта.

Мы спадзяемся, што кожны новы дзень, які вы праводзіце з намі, цікавы і карысны для вас. Будзем рады водгукам пра наш праект на вашых старонках у Instagram!

Valoshki Design

Вынікі года ў лічбах

Год плённай працы прывёў да пэўных вынікаў. Час іх падводзіць, рабіць працу над памылкамі і ставіць новыя мэты, каб потым іх дасягаць.

  • Мы загрузілі больш за 2000 тавараў у нашу інтэрнэт-краму
  • Стварылі персанальныя старонкі 80 рамеснікаў і дзеячаў мастацтва
  • Сабралі амаль 6000 падпісчыкаў у Instargam
  • Зрабілі там 572 публікацыі
  • Апублікавалі 86 артыкулаў у раздзеле «Часопіс»
  • Правялі 2 прэзентацыі праекта ў Гомелі і Мінску
  • Правялі 12 прамых эфіраў з нашымі аўтарамі

У мінулым годзе мы бралі інтэрв’ю ў таленавітых людзей, падарожнічалі па роднай Беларусі, стваралі творчыя відэаролікі пра прыгажосць роднага краю, стваралі новыя раздзелы на сайце, праводзілі розыгрышы і конкурсы, арганізоўвалі вэбінары і лекцыі, удзельнічалі ў выставах і кірмашах, дабрачынным канцэрце, праводзілі тэматычныя тыдні і тыдні з бясплатнай дастаўкай. Кожны дзень быў напоўнены творчасцю і працай. І гэта было так класна!

презентация проекта в Минске

Пяць новых мэтаў

Што нас чакае ў гэтым годзе? Мы спадзяемся на тое, што наша аўдыторыя будзе расці ў геаметрычнай прагрэсіі. Для гэтага мы будзем працаваць яшчэ з вялікім энтузіязмам! Мы ўжо паставілі перад сабой шэраг мэтаў, якія хочам рэалізаваць у першую чаргу. Мы плануем:

Запусціць дастаўку ў Расею. Мы разумеем, што для паспяховасці праекта трэба выходзіць на расійскі рынак. Са з’яўленнем дастаўкі ў суседнюю краіну мы зробім упэўнены крок наперад!

Развіваць катэгорыю «Адзенне». Да гэтага часу вы маглі набыць у нашай краме толькі элементы адзення, але ў гэтым годзе мы плануем істотна разнастаіць пералік нашых тавараў!

Запусціць новы праект. Зусім хутка мы створым яшчэ адну старонку ў сацыяльнай сетцы Instagram, прысвечаную беларускамоўным праектам інтэрнэту!

Вярнуцца з жывымі прэзентацыямі. Каранавірусная эпідэмія перашкодзіла арганізаваць сустрэчы з нашымі таленавітымі майстрамі ў Магілёве, Брэсце, Гродне і Віцебску. Але ў гэтым годзе мы абавязкова хочам рэалізаваць задуманае!

Развіваць раздзел «Адукацыя». Зусім хутка любы жадаючы зможа набыць на нашым сайце відеэаурокі і наборы для стварэння прыгожых вырабаў. Бо кожны чалавек у душы трохі рамеснік!

На гэтым тыдні вас чакае шмат сюрпрызаў і класных навін! Заставайцеся з намі! З любоўю, Valoshki Design! ⠀