Почырк – гэта візітная картка чалавека. Далёка не кожны з нас можа пахваліцца акуратным і выразным почыркам, але часам хочацца падпісаць паштоўку блізкаму чалавеку па-сапраўднаму прыгожа. Так, як гэта робяць каліграфы.

Каліграфія – галіна выяўленчага мастацтва, майстэрства прыгожага пiсьма. Гэта дакладны, вывераны і плыўны тэкст, тэкст ліній, застылых ў танцы. І калі вы даўно марылі аб незвычайным хобі – вось яно! Занятак, для якога не абавязкова мастацкае мінулае, занятак, якi расслабляе, развівае ўяўленне і дробныя рухі. Дзіўна, але каб напісаць прыгожы тэкст, трэба скаардынаваць дзеянні нервовай, мышачнай, зрокавай і касцяной сістэм. ⠀

На Усходзе каліграфію выкладаюць у школе і ў наш час. Прычым гэтаму прадмету надаюць вялікае значэнне. Цікава, што ў японскіх самураяў каліграфія прыраўноўвалася да пятага элементу баявога мастацтва. У Еўропе да прыгожага пісьма ставяцца больш холадна, можна сказаць, што з’яўленне друкаваных станкоў і трафарэтаў, калі і не згубіла каліграфію, то прыпсавала ёй шмат крыві.

 

Выкарыстанне каліграфіі ў дызайне і афармленні памяшканняў нельга недаацэньваць. Рукапісныя надпісы становяцца ўсё больш папулярнымі. Уявіце сабе, скажам, меню звычайнага кафэ, складзенае па законах прыгожага пісьма. Яно будзе глядзецца цікавей варыянту, набранага звыклым шрыфтам Times New Roman. Каліграфічны тэкст, змешчаны ў рамцы, ўпрыгожыць сцяну не горш за карціну. І гэта будзе аўтарскі твор мастацтва, індывідуальны, створаны асабіста для вас.

Каліграфія ажыўляе словы лістоў, цытат і віншаванняў з важнымі датамі, надзяляе фразы унікальным характарам, душой. Гэта мастацтва для творчых эксперыментаў, самых смелых і нечаканых.

Каліграфія ў інтэр’еры – гэта сучасна, прыгожа і ўтульна. Яна прысутнічае ў загалоўках, шрыфтах, лагатыпах. Каліграфы ствараюць эскізы татуіровак, распісваюць вясельныя запрашэнні, мэблю, сцены і столі. І нельга не ўспомніць футболкі, кубкі і нататнікі, аздобленыя аўтарскімі тэкстамі. Словамі, якія чапляюць, якія нешта значаць, за якімі нешта стаіць.

Прыемна, што мастацтва каліграфіі ў нашы дні адраджаецца: адкрываюцца школы, ствараюцца дапаможнікі, запісваюцца відэа-ўрокі. Уявіце стол, распісаны пасланнямі. Або набор посуду, у якім кожная талерка адпавядае вызначанаму дню тыдня. І паведамляюць пра гэта акуратныя і прыгожыя надпісы, нанесеныя на паверхню.

Каліграфія – гэта прыгожа. Каліграфія – гэта цудоўна!