Гэты артыкул мы прызначаем аднаму з самых маляўнічых, самабытных і прыгожых святаў Беларусі – Купаллю! Калі вы ніколі не святкавалі Купалле, у гэтым годзе яшчэ не ўсё страчана: у вас ёсць магчымасць акунуцца ў дзіўную атмасферу купальскай ночы. І ўсё таму, што свята адзначаюць двойчы: па юліанскаму календару з 23 на 24 чэрвеня, па грыгарыянскаму – з 6 на 7 ліпеня.

купалье

Сакральны сэнс свята

Купалле – адзін з самых старажытных народных святаў, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі. Многія народы адзначаюць свята ў гонар летняга сонцастаяння: у балгар ёсць Янаў дзень, шануюць святога Яна і ў Венгрыі, у Іспаніі ўспамінаюць Сан-Хуана, а ў Латвіі – Ліга.

Купалле – язычніцкае свята, але пасля прыходу хрысціянства на землі ўсходніх славян, свята аб’ядналі з Раством Іаана Хрысціцеля. Менавіта таму святкаванне Купалля перасунулі на 6-7 ліпеня, хоць правільна гэта рабіць у ноч з 23 на 24 чэрвеня.

З Купаллем звязана шмат цікавых легенд. Нашы продкі верылі, што ў купальскую ноч рэкі свецяцца асаблівым святлом, таму што ў рачных водах ў вобразе русалак купаюцца душы памерлых. Па зямлі ходзяць злыя духі, ведзьмы і ведзьмакі, а расліны і звяры набываюць здольнасць размаўляць.

У старажытнасці Купалле спраўлялі ноччу: нашы продкі палілі вогнішчы, плялі вянкі, вадзілі карагоды, збіралі лекавыя расліны, якія ў купальскую ноч валодалі асаблівай сілай. Абавязковым абрадам было купанне, якое ачышчала цела, і скачкі праз вогнішча, якія чысцілі душу.

купалье

Дзе шукаць папараць-кветку?

Купальская ноч дорыць неверагодныя магчымасці. Убачыць цуды, зразумець мову птушак і звяроў, здабыць уладу над нячыстым духам… Усё гэта магчыма з дапамогай папараць-кветкі, якая з’яўляецца раз у год – у купальскую ноч.

Містычная кветка дорыць свайму ўладальніку і іншыя звышнатуральныя здольнасці, напрыклад, бачыць будучыню, знаходзіць скарбы, кіравать стыхіямі, станавіцца нябачным. Але знайсці папараць-кветку можа толькі вельмі смелы чалавек. Сарваць яе надзвычай цяжка, таму што гэтаму ўсяляк перашкаджае нячыстая сіла. Яна запалохвае чалавека, часта пазбаўляючы прамовы, памяці, розуму.

Згодна з беларускімі павер’ямі, каб знайсці кветку, трэба ў купальскую ноч выйсці ў ціхія лясныя нетры аднаму без паходні (па некаторых паданнях босым ці ўвогуле без адзення). Кветку можна знайсці па яе ззянню, параніўшы далонь, трэба сціснуць кветку ў руцэ і ісці дадому, пакуль нячыстая сіла будзе раўці, шумець і палохаць, але азірацца нельга.

купалье

Як сплесці правільны вянок?

Вянок – незаменны атрыбут Купалля, які вырабляюць з кветак і свежай зеляніны ля вогнішча да пачатку святкавання. Гэты рытуальны прадмет сімвалізуе нявіннасць і чысціню.

Раней вянкі звычайна плялі дзяўчыны: для сябе і сваіх хлопцаў. Іх маглі вырабляць і замужнія жанчыны, але толькі ў тым выпадку, калі ў іх яшчэ не было дзяцей. Абрадавы прадмет у канцы свята прыносілі ў ахвяру прыродзе. Спосабаў было некалькі: вянкі пускалі на ваду, вешалі на дрэва або спальвалі.

Як жа сплесці купальскі вянок?

Выкарыстоўваць можна любыя кветкі, акрамя палыну (сімвал горкай долі) і каліны (сімвалізуе няшчасны шлюб). Аснову вянка складаюць тры галінкі, астатнія кветкі і травы дадаюцца метадам пляцення. Лепш выкарыстоўваць расліны з доўгімі сцебламі, каб надаць вянку аб’ём. Чым пышней атрымаецца вянок, тым будзе лепш, паколькі ў старажытнасці ён сімвалізаваў здароўе.

Для лепшай стойкасці вянок трэба перавязаць стужкай або ніткамі, каб ён не разламаўся і не рассыпаўся.

купалье

Скачам праз вогнішча і купаемся ў рацэ

Дзве самыя яркія і вясёлыя традыцыі Купалля – скачкі праз вогнішча і купанне! Нашы продкі верылі, што агонь у купальскую ноч набывае асаблівую сілу. Вогнішча раскладвалі такім чынам, каб полымя было высокім і вялікім.

У цэнтры ўсталёўвалі слуп, на які мацавалі чэрап каровы ці каня. Пакуль вогнішча ярка гарэла, вакол вадзілі карагоды, танцавалі, спявалі. Скачкі ладзілі адразу ж, як толькі агонь пачынаў сціхаць.

У гэтым абрадзе заключана асаблівая магічнае значэнне. Лічылася, што, пераскокваючы праз агонь, чалавек чысціўся ад сурокаў, паскуддзя, хвароб. Цікава, што калі ў дзяўчыны не атрымлівалася пераскочыць праз вогненную перашкоду, яе прымалі за ведзьму і каралі: абсыпалі птушынымі пёрамі, аблівалі вадой, білі крапівой. У купальскім агні спальвалі старыя рэчы, каб пазбавіцца ад крыўд і праблем, паміж вогнішчаў праводзілі хатніх жывёл, абараняючы такім чынам ад хваробы.

Нашы продкі верылі, што вада ў купальскую ноч набывае гаючыя ўласцівасці. Тыя, хто не мог або баяўся акунуцца ў вадаёме, стараліся прайсціся басанож па расе або нават пакачацца ў ёй. Дзяўчатам гэты абрад дапамагаў вярнуць або ўзмацніць прыгажосць, юнакам – умацаваць здароўе.

купалье

Хто напісаў песню “Купалінка?

Вядома ж, вы ведаеце выдатную беларускую песню «Купалінка». Далікатны, кранальны і пранізлівы музычны твор выконваюць не толькі ў свята, без гэтай песні складана ўявіць сабе любое мерапрыемства, закліканае прадэманстраваць прыгажосць і самабытнасць беларускай культуры. Але вы ведалі, што «Купалінка» не народная песня? У яе ёсць канкрэтны аўтар – паэт Міхась Чарот, які творча перапрацаваў народны фальклор. Музыку ж напісаў беларускі кампазітар Уладзімір Цераўскій, узяўшы за аснову народныя мелодыі.

Упершыню песня «Купалінка» прагучала ў 1921 годзе і адразу ж стала вельмі вядомай і папулярнай. У той год Чарот для Беларускага драматычнага тэатра напісаў музычную п’есу «На Купалле», куды ўвайшлі народныя песні ў яго ўласнай апрацоўцы, у тым ліку «Купалінка». П’еса палюбілася гледачу, многія песні сталі сапраўднымі «хітамі», а «Купалінку» спявала галоўная гераіня твора Алеся. Яе ролю выконвала Аляксандра Аляксандравіч – непрафесійная акторка, у якую быў страшэнна закаханы Чарот.

Неўзабаве стваральнікі «Купалінкі»: і Міхась Чарот, і Уладзімір Цераўскій былі рэпрэсаваныя. П’есу знялі з рэпертуару тэатра, а імёны паэта і кампазітара на доўгія гады забыліся. Але і па гэты дзень «Купалінка» – самы вядомы беларускі твор, які выконваў нават брытанскі гурт Deep Purple.